КАТАЛА́НСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Пашырана ў Іспаніі (аўт. вобл. Каталонія, Валенсія, Балеарскія а-вы), Францыі (гіст. вобл. Русільён, дэпартамент Усх. Пірэнеі), Андоры і ў г. Альгера (в-аў Сардзінія, Італія). Мае 2 групы дыялектаў: усходнюю (барселонскі, балеарскі, русільёнскі, альгерскі) і заходнюю (лерыданскі, валенсійскі). У фанетыцы складаны кансанантызм, варыятыўнасць фанем, у марфалогіі і лексіцы блізкасць да аксітанскай (правансальскай) мовы. Асаблівасць К. м. — наяўнасць абвеснага ладу (vaig cantar — «Я спяваў»). У сінтаксісе і лексіцы моцны ўплыў ісп. мовы. Першыя помнікі пісьменнасці датуюцца 11—12 ст. З сярэдзіны 13 ст. развіваецца літ. мова, у яе аснове барселонскі дыялект. Пісьменнасць на аснове лац. алфавіта.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)